Выстава з'яўляецца часткай 1 Трыенале канцэптуальнага мастацтва, якое праводзіць ГА "Беларускі саюз мастакоў" і збірае ў адзінай экспазіцыйнай прасторы галерэі Міхаіла Савіцкага аўтараў, паслядоўных у пошуку спосабаў новага творчага выказвання праз арыгінальную форму. Асновай для экспазіцыі сталі мастацкія серыі, цыклы работ, звязаныя адной тэмай або пластычным прыёмам. Кожны асобны твор мае тут самастойнае значэнне, але аб'яднаныя пэўным чынам яны дазваляюць пашырыць рамкі мастацкай задумы, глыбей зразумець аўтарскую Ідэю.
Мастакі-удзельнікі выставы па-рознаму вырашаюць сваю задачу – адны, праз нефігуратыўную пластыку, іншыя ідуць шляхам трансфармацыі рэальнай фігуры альбо прадмета ў абстрактны вобраз. Ствараюць уласныя не падобныя ні на што прыродныя ці геаметрычныя структуры, якія могуць выклікаць розныя асацыяцыі, таксама стылізуюць і абагульняюць рэальныя аб'екты да ператварэння іх у вобраз-сімвал. Форма як асноўны кампанент семантычнай структуры іх твораў становіцца асноўным носьбітам зместу.
Аднак форма не з'яўляецца самамэтай – асноўнай задачай становіцца такі сінтэз сэнсу, формы і матэрыялу, які нараджае накіраваны суб'ектыўны вобраз, напоўнены пэўнай Ідэяй. Акт разумення Ідэі (акт схоплівання сэнсаў) адбываецца толькі ў камунікацыі з творам, таму кожная праца ці серыя суправоджаны аўтарскім тэкставым пасланнем, дзе фармулюецца сутнасць задумы альбо даецца арыенцір для яе разумення.
Кожны з аўтараў спрабуе знайсці свой унікальны спосаб праламлення звыклых паняццяў, робіць частку ўласнай экспазіцыйнай прасторы напоўненай і цікавай, запрашаючы ў яе гледача.
Удзельнікі выставы: А.Басалыга, М.Пятруль, А.Шаппо, Д.Кандрацьеў, А.Сакалоў, К.Крахалёў, П.Куніцкі, М.Баранчык.
Наша фотогалерея