Прасвет

У апошнія гады мастакі ўзмацняюць гучанне сваіх выставак мастацкім словам. Сама назва канцэнтруе ў сабе вобразную ідэю і экспазіцыі жывапісу Ігара Марачкіна , якая ўрачыста адчынілася ў Глыбоцкім цэнтры традыцыйнай культуры і народнай творчасці. Яна сапраўды, успрымаецца як “праСвет” у хмурным восеньскім надвор’і , і споведзь аўтара, які праз свае творы апавядае нам “пра Свет” і пра сябе.

Мясціны гэтыя незвычайныя, тут калісьці крочыў ад вёскі да вёскі наш слынны, касмічны вандроўнік , мастак Язэп Драздовіч. Цяпер тут праходзяць Міжнародныя мастацкія пленэры ягонага імя, адным з удзельнікаў, арганізатараў якіх з’яўляецца і Ігар Марачкін. Ён з маленства разам з бацькамі вандраваў тут ад вёскі да вёскі ў пошуках унікальных узораў народнага мастацтва і маляваных дываноў “дзядзькі Язэпа”, а потым дапамагаў у выданнаі альбомаў, каталогаў.

Выдатны мастак, дызайнер, выкладчык, Ігар Марачкін, як сведчаць ягоныя творы, усё жыццё прыслуханы да мелодый роднай зямлі і… космасу. Так, так, чым больш абстрактнымі ўяўляюцца ягоныя творы, тым больш выразна гучаць у іх касмічныя рытмы . Трыпціх “Да нябёсаў” (1996) з гэтай серыі. І яшчэ практычна ва ўсіх палотнах мастака ўлоўліваецца нябесная пульсацыя, імклівае парыванне касмічнага ветру. Нават у азёрах,якія з такім шчырым замілаваннем увасабляе мастак, люструецца тое самае паўнагучнае касмічнае неба … Хаця , калі вока і пэндзаль жывапісца спыняюцца на любых яму зямных мясцінах, у творах з’яўляецца таемная сцішанасць, якую хавае ў сабе звыклы для кожнага беларуса колеравы лад (трыпціх “Мае Барсукі” (2002), “Свіран” (2003)). Праз вобразы-згадкі жывапісец запрашае і да ўяўнага падарожжа ў гісторыю (“Барысаў камень” (2007), “Замак у Ліве” (2007). Усяго ў Глыбокім экспанавалася больш за дваццаць палотнаў.

У Ігара Марачкіна ёсць веснавыя відарысы , ёсць “Экспрэсія колераў”. Але больш за ўсё ў яго зімовых, восеньскіх краявідаў, калі кожны прасвет успрымаецца, як шлях туды, вышэй за хмары, калі пануюць сцішанасць і роздум, калі нават у салямянай канструкцыі бачыцца “Касмічны павук”(1997).

Арганізавала выставу кіраўнік Глыбоцкага народнага клуба майстроў “Крыніца” Святлана Кавальчук.

На вернісажы наведвальнікі не толькі з захапленнем выказваліся пра асобныя творы Ігара Марачкіна, пра яго цудоўныя чалавечыя якасці, чуласць, далікатнасць, але і вызначылі стыль ягонай творчасці -- філасофскі рэалізм. Гэтая выстава сапраўды сталася для мясцовых людзей “Прасветам”, не толькі да неба, але і да сваёй уласнай душы.

Галіна Багданава.

Наша фотогалерея