Брыльянты для Якуціі

Якіх толькі цудаў не здараецца на Каляды! У Якуціі, напрыклад, ужо некалькі гадоў запар, як толькі пачынаецца зіма ( а зіма, па версіі расіян, пачынаецца з Якуціі), запрашаюць скульптараў на Міжнародны фестываль снежных і лядовых скульптур “Брыльянты Якуціі”. І створаныя імі незвычайныя, казачныя кампазіцыі (увечары з рознакаляроваю падсветкай) радуюць і здзіўляюць мясцовых жыхароў і гасцей гэтага суровага краю ў парку “Паўночнае ззянне” ажно да вясны. Некалькі гадоў тут вітаюць як лепшых маладых скульптараў з Беларусі. Сёлета ў конкурсе ўдзельнічала 25 каманд з Расіі, Кітая, Манголіі, Беларусі, Канады… Тэму акрэслілі проста – “Легенды зі мы”.

Як жа няпроста на марозе выразаць са спецыяльна падрыхтаваных кавалкаў лёду і снегу алегарычныя кампазіцыі! Але нашыя маладыя скульптары Павел Ляонаў і Васіль Цімашоў ні разу не паехалі з Якуціі (як, прынамсі і з Магадана, дзе праходзіў падобны фестываль) без узнагароды. І сёлета атрымалі дыплом 3 ступені. Хіба ж не нагадвае зробленую з брыльянтаў іх лядовая кампазіцыя “Захавальнікі часу”? А колькі пяшчоты, натуральнасці і рэальнага адчування прыроды ў іх снежнай скульптуры “Глыток свабоды” – конь, што нахіліўся глынуць вады з высечанай у лёдзе палонкі!

Лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь для падтрымкі таленавітай моладзі Павел Ляонаў і ягоны вучань лаўрэат Нацыянальнай прэміі па выяўленчым мастацтве Васіль Цімашоў добра вядомыя ў нашай рэспубліцы. Створаныя імі кампазіцыі з каменю ўпрыгожваюць многія гарады Беларусі і суседніх краін. Яны ствараюць адмысловыя вобразы з пяску, дрэва, металу, гліны і нават выплятаюць з пруткоў… Цяпер яны са сваімі вучнямі з Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка , якім перадаюць сакрэты, здабытыя ў Якуціі і Магадане, рыхтуюцца да штогадовага фестывалю снежнай і лядовай скульптуры ў Батанічным садзе АН Беларусі. У нас вясна прыходзіць рана. Але трапіць у ствараны нашымі майстрамі казачны свет Снежнай каралевы мы несумненна паспеем.

Галіна Багданава.

1. П.Ляонаў, В.Цімашоў. “Захавальнікі часу”.

2. П.Ляонаў, В.Цімашоў. “Глыток свабоды.