Дыялог з майстрам
У верасні навучэнцы і выкладчыкі Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка мелі магчымасць наведаць юбілейную выстаўку аднаго са старэйшых скульптараў, Лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесара, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Анатоля Арцімовіча, якая экспанавалася ў Мастацкай галерэі М.Савіцкага. Экскурсію праводзіў ягоны сын, загадчык цыклавой камісіі па скульптуры, выкладчык Іван Арцімовіч, які быў арганізатарам выставы. Галоўны ўрок, які атрымалі тыя, хто наведаў экспазіцыю, гэта тое, што і ў сталыя гады можна натхнёна, дзёрзка тварыць, эксперыментаваць. На выставе можна было ўбачыць і дыпломную працу майстра, і фатаграфіі фрагментаў выдатных помнікаў – мемарыяла “Брэсцкая крэпасць-герой”, манумента “Курган славы”, і помнікаў Рагнедзе і Ізяславу, Ефрасінні Полацкай, і мемарыялу па лініі супроцьстаяння ў Першую Сусветную вайну 1915 – 1917 гг. у Смаргоні і іншых, над якімім ў розныя гады працаваў выдатны скульптар. А кожная з прадстаўленых скульптурных кампазіцый уражвала глыбінёй думкі, экспрэсіяй, дынамікай. Кожны меў магчымасць уступіць з аўтарам у дыялог. Але найбольш уразілі усіх малюнкі, створаныя ў апошнія пяць гадоў. У іх майстар запрашае кожнага з гледачоў да гранічна шчырага дыялогу пра жыццё, каханне, творчасць, пра спазнанне свету… Можна было паглядзець фільм пра Анатоля Арцімовіча.
Наша фотогалерея