Так называецца мастацкая выстаўка, якая цяпер экспануецца ў Мастацкай галерэі Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка (Макаёнка. 14), дзе вучацца адораныя дзеці з усёй рэспублікі. Гэта вынік унікальнай культурнай ініцыятывы, якая была рэалізаваная ў рамках конкурсу міні-грантаў праекта “Голас культуры”. Выкладчыкі, большасць якіх – сябры Беларускага Саюза мастакоў, і навучэнцы запрашаюць нас у адметнае, агучанае вобразамі, падарожжа ў знакавыя для Беларусі “залатыя” ХIV-- XVIII стагоддзі, калі наша культура зазнала сапраўдны росквіт і ўвайшла ў еўрапейскі культурны кантэкст, калі былі збудаваныя ўнікальныя помнікі архітэктуры, калі ўбачылі свет першадрукі і былі напісаныя першыя “сармацкія партрэты”, калі ці не ўпершыню загаварылі пра ролю Асобы ў гісторыі. Яны, гэтыя Асобы, і сталі галоўнымі героямі выстаўкі.

Станіслаў Кішка (ягоны партрэт у шамоце ўвасобіў малады скульптар, выкладчык, адзін з арганізатараў выставы Іван Арцімовіч), і Леў Сапега, і Януш Радзівіл, і Францыск Скарына, і легендарная чорная панна Нясвіжа – Барбара Радзівіл (іх вобразы і ў жывапісу, і ў графіцы, і ў скульптуры ўвасобілі і выкладчыкі, і вучні). На выстаўцы шмат творча пераасэнсаваных помнікаў архітэктуры… Камянецкая вежа, Мірскі замак, Нясвіж, Наваградак… Тон задавалі выкладчыкі, вядомыя ўжо не толькі ў нашай краіне маладыя мастакі, якія разам з Іванам Арцімовічам увайші ў ініцыятыўную групу. Вольга Гардзіёнак-Кірэева містычным чынам перадала ў жывапісу і дух майстэрні, дзе блукаюць вобразы мінуўшчыны, і таемныя “Гальшаны”, а Піліп Басалыга ўразіў рамантычным Мірскім замкам. Серыяй графічных аркушаў “Легенда аб камянях” заінтрыгавала Наталля Шыбко.

Але найбольшую ўвагу прыцягнулі канцэптуальныя працы Паўла Ляонава “Залатое стагоддзе” (з’яднаныя ў адзіны драўляныя каталіцкі і праваслаўны крыжы ўспрымаліся як ключ да ўсяго “часу магнатаў”) і Паліны Піраговай, Васіля Цімашова “Знак Улады.Алмаз.” (зроблены з простых старых дошак Алмаз, у стрыктуры якога лёгка чытаюцца традыцыйныя для беларускага арнаменту ромбы –знакі зямлі).

Як і выкладчыкі, многія навучэнцы прэзентавалі свае творы як вобраз-канцэпцыю.

Як перадаць у скульптуры “закансерваваны рух”, што зберагаюць кананічныя “сармацкія партрэты”? Ян Леўша, увасабляючы свайго героя-магната(“Астафій Багданавіч Валовіч”), твар якога преададзены ў аб’ёме і зусім дасканала, над паралелаграмам, на кожнай з граняў якога – то рыцарскі, то магнацкі ўбор (чатыры іпастасі аднаго вобраза), у канцэпцыі да працы дадае:

“Кампазіцыя пабудавана па прынцыпу “сармацкага партрэту”, характэрнага для той эпохі. Розныя рэльефы (вопраткі) на геаметрычнай форме раскрываюць сутнасць тагачасных магнатаў, іх здольнасць пры самай складанай сітуацыі выходзіць “сухімі з вады”.

Выстаўку можна лічыць інтэрактыўнай. Напрыклад, кожны можа падабраць для сябе і прымерыць адну з чатырох карон і адчуць сябе ўладаром (твор “Сімвал Улады”). Але пры гэтым мусіць пазнаёміцца з канцэпцыяй кожнага з аўтараў.

Ілля Лаўніковіч: “Мая карона -- сімвал усемагутнасці і грахоўнасці ўлады, яна паказвае, што ўлада разбэшчвае.”
Лера Бірала: “Мая карона паказвае грацыёзнасць і хараство паненак таго часу.”
Наста Канашэвіч: “Нягледзячы на прыгажосць і веліч кароны, плата за яе магла быць занадта вялікай і не заўсёды годнай. Свечкі ў стагоддзе магнатаў нярэдка з'яўляліся сведкамі важных гістарычных падзей - таемных змоў, пра якія ўжо ніхто і ніколі не зможа расказаць”.
Хрысціна Макаранка: “Карону маглі вырабіць са сталі, з золата, маглі ўпрыгожыць мноствам каштоўных камянёў. Карона з паперы - той жа знак улады, але ж якая сіла стаіць за плячыма таго, хто носіць яе?”


На вернісажы гучала музыка з “Полацкага сшытку”, творы Мацея Радзівіла, сучасныя мелодыі ( іх выконвалі аркестр “Фанфары Нямігі” (кіраўнік Э.Каліноўскі і цымбальны ансамбль “Абяпрог” (кіраўнік—А.Аўраменка). Апранутыя ў касцюмы магнатаў вядучыя чыталі са сцэны радкі Міколы Гусоўскага і Францыска Скарыны. Бо, як слушна заўважыў прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, вядомы беларускі мастак Юрый Піскун, які ў свой час разам з жонкаю Аленай Піскун-Юр’евай стварыў унікальныя “магнацкія” касцюмы для ансамбля “Харошкі”: “Самае галоўнае, што засталося ў нас ад “залатых стагоддзяў” гэта помнікі мастацтва і літаратуры, гэта кнігі”.

А скульптар Іван Арцімовіч здзівіў усіх паказам слыннай “Батлейкі” (яе паводле старажытных узораў пад кіраўніцтвам А.Піскун-Юр’евай зрабілі вучні 7 класа).

У рамках культурнай ініцыятывы прайшоў майстар-клас па акварэлі Вольгі Гардзіёнак-Кірэевай, праводзяцца лекцыі, экскурсіі, сустрэчы з мастакамі. Наведаўшы выстаўку, кожны можа здзейсніць падарожжа ў часе і адказаць на пытанне : Чаму ж час магнатаў называюць “залатым”?

Памятаеце, як на тое пытанне адказаў у “Паляванні на зубра” Мікола Гусоўскі (на выставе шмат вельмі арыгінальных ілюстрацый да гэтай паэмы)? Менавіта гэтыя словы нагадалі са сцэны на ўрачыстым адкрыцці выстаўкі “Час магнатаў” юныя мастакі :

“І называюць той век залатым. Залатыя
Ззялі аздобы ў харомах, а ў курных халупах
Вёсак, пасадаў – якая была пазалота?..
Мне так здаецца, што гэтай шаноўнаю назвай
Век той названы па простай прычыне: дзяржаўца
Перад багаццем і шчасцем зямным пастаянна
Ставіў багацце духоўнае – злата дзяржавы.”



Галіна Багданава


Фотографии здесь.