21 лістапада 2013 года адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі творчых работ нашых вучняў пад назвай "Космас Язэпа Драздовіча".

Выстаўка, якая складаецца з 20 жывапісных карцін і скульптуры навучэнцаў 10-11 класаў і ІІІ курса, удзельнікаў міжнароднага беларуска-польскага праекта "Космас Язэпа Драздовіча", які быў прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння выдатнага беларускага мастака.

Гэты праект (кіраўнікі - настаўнікі гісторыі мастацтва Г.Б. Багданава, І.Л. Марачкіна) праходзіў у нашай навучальнай установе з кастрычніка 2012 года ў выглядзе заняткаў з паглыбленым вывучэннем жыцця і творчасці Язэпа Драздовіча. Улетку 2013 года была наладжана творчая экспедыцыя настаўнікаў гімназіі-каледжа на Віцебшчыну, па мясцінах, дзе і працаваў Язэп Драздовіч. У рамках праекта быў устаноўлены кантакт з праўнучкай Язэпа Драздовіча Бажэнай Адамчык, якая жыве ў Польшчы. Вядуцца архіўныя пошукі радаводу Драздовіча.

На адкрыцці выстаўкі, якое адбылося каля дыпломнай работы выпускніка 2013 года Рулькевіча Андрэя "Нябесныя бегі. Партрэт Я. Драздовіча" (кіраўнік дыплома І.А. Марачкін), выспутілі Л.М. Шахава, Г.Б. Багданава, Г.В. Герасімаў, І.А. Марачкін, І.Л. Марачкіна. Прыемным сюрпрызам для ўсіх прысутных стаў ліст-прывітанне ад праўнучкі Драздовіча, які прачытала ў перакладзе на беларускую мову вядомая перакладчыца Ганна Цішук. Урачыстасць упрыгожыла музычная кампазіцыя ў выкананні навучэнкі ІІІ курса Паліны Паповай.